У падлеткавым узросце будучая лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская на летніх вакацыях часта ездзіла ў Ірландыю. Яна была адным з «чарнобыльскіх дзяцей», якіх прымалі ірландскія сем'і для аздараўлення. Для Генры і Мэрыян Дзінаў з мястэчка Раскрэй у цэнтральнай частцы гэтай краіны яна была проста Светай — дзяўчынкай, якая прыязджала да іх чатыры разы. Амаль праз 20 гадоў яны аднымі з першых даведаліся, што Ціханоўская балатуецца ў прэзідэнты Беларусі. «Люстэрка» пагаварыла з Генры Дзінам, які прымаў Святлану ў Ірландыі.
«Радыяцыя дайшла і да Ірландыі»
Цяпер Генры Дзіну 70 гадоў. Ён жыве ў пасёлку Раскрэй у графстве Тыперэры, практычна ў самым цэнтры Ірландыі. Гэта гарадок з насельніцтвам каля пяці з паловай тысяч чалавек, дзе, паводле Генры, кожны чацвёрты — замежнік. Сам ён 37 гадоў адпрацаваў у мясцовых органах улады, а таксама доўгія гады валодаў невялікім бізнесам. У Генры і яго жонкі Мэрыян двое дзяцей і ўжо шэсць унукаў. Сын — прафесар у Канадзе, а дачка жыве па суседстве.
Пасля Чарнобыльскай катастрофы гэтая сям’я вырашыла дапамагаць беларускім дзецям. Генры Дзін успамінае, што аварыя стала сур’ёзнай праблемай, наступствы якой адчула нават яго краіна.
— Частка радыяцыі дайшла і да Ірландыі, закрануўшы фермы ў гарах Уіклау [на паўднёвым усходзе краіны]. Яе вымяралі нават тут, у мясцовым манастыры. Так што мы адчулі наступствы. Я ведаў, што адна лэдзі з горада Корк прывозіла туды беларускіх дзяцей. Яна была першай, хто гэта арганізаваў. Спачатку я далучыўся да яе групы, а пазней, у пачатку 1990-х, заснаваў уласную арганізацыю, — расказвае Генры. — Прычына, з якой я гэта зрабіў, заключалася ў тым, што да гэтага ніхто не прывозіў дзяцей другі ці трэці раз. А я адчуваў, што ірландскія сем'і настолькі прывязваліся да дзяцей з Беларусі, што, калі яны хацелі і маглі аплаціць іх паўторны прыезд, мы мусілі ім у гэтым паспрыяць.
Арганізацыя Chernobyl Life Line, сузаснавальнікам якой стаў Генры, прывозіла дзяцей у Ірландыю некалькі разоў на год.
— Першая група звычайна прыязджала ў чэрвені, наступная — у ліпені і яшчэ адна — у жніўні. А потым была яшчэ адна, на Каляды. У сярэднім атрымлівалася прывозіць па 40 дзяцей цягам трох-чатырох месяцаў на год, — успамінае Генры. — Калі прыязджалі маленькія дзеці, гэта была суцэльная весялосць. А калі прыязджалі старэйшыя, якім было па 15−17 гадоў, то мы знаходзілі ім працу, каб яны маглі зарабіць грошы на сваю адукацыю, калі вернуцца дадому ў Беларусь. Акрамя таго, дзеці праходзілі тут лячэнне. Некаторым яно патрабавалася працяглы час, таму ім даводзілася вяртацца зноў і зноў.
«Напалоханыя дзеці, якія за дзень цалкам змяняліся»
Генры кажа, што дзеці з Беларусі, якія прыязджалі на аздараўленне і адпачынак, былі ўражаныя тым, як моцна адрозніваецца жыццё ў Ірландыі.
— Спачатку яны выглядалі напалоханымі. Магчыма, злёгку ўстрывожанымі і напружанымі. Іх адзенне было трохі старым, зношаным, — успамінае мужчына. — Але ўжо на наступны дзень яны станавіліся абсалютна іншымі. Іх вочы ззялі. Яны былі больш расслабленыя, і ім было вельмі весела. Дзеці змяняліся, як толькі прыязджалі сюды.
Святлана Ціханоўская (тады Піліпчук) прыязджала ў сям’ю Дзінаў чатыры разы. Генры ўспамінае, што будучая лідарка беларускіх дэмсіл ужо тады добра ведала англійскую і часта дапамагала з перакладам.
— Яна была выдатнай перакладчыцай яшчэ дзіцем. Яе англійская была вельмі, вельмі добрай. Таму яна прыглядала за малодшымі дзецьмі або тымі, у каго не было англійскай, дапамагала ім камунікаваць з намі, — расказвае Генры.
Асабліва ён ганарыцца тым, што за час візітаў Святланы ў Ірландыю ўдалося прышчапіць ёй любоў да добрай англамоўнай музыкі.
— Калі мы ехалі некуды на машыне, Света сядзела на пярэднім сядзенні, і я ўключаў сваю любімую музыку, — кажа Дзін. — З прычыны ўзросту я любіў музыку 1960-х гадоў. Святлана гэта падхапіла і палюбіла гурты The Mamas & The Papas, The Beatles і іншыя.
«Калі б нехта сказаў, што адно з гэтых дзяцей стане палітыкам, я б паказаў на Свету»
Генры кажа, што ўжо ў тыя часы яны абмяркоўвалі з юнай Святланай палітыку. Ён прызнаецца, што не мог тады ўявіць, што яго падапечная сама стане палітычнай лідаркай.
— Мы заўсёды абмяркоўвалі ірландскую палітыку, калі яна прыязджала. Святлану вельмі ўражвала, што мы маглі адкрыта і крытычна гаварыць пра нашых палітыкаў, бо ў Беларусі гэта не дапускалася. Я і ўявіць не мог, што з ёй здарыцца ў будучыні. Але калі б мне тады нехта сказаў, што адно з дзяцей, якіх мы прывезлі ў Ірландыю, стане вядомым палітыкам, то я б упэўнена паказаў на Свету і сказаў: «Гэта яна», — кажа мужчына.
Пра тое, што ў 2020 годзе Святлана вырашыла балатавацца ў прэзідэнты, Генры Дзін даведаўся адным з першых — яны з ёй рэгулярна стэлефаноўваліся.
— Святлана расказала, як толькі аказалася ўцягнутая ў гэта, яшчэ да пачатку кампаніі. Я быў у курсе таго, што адбываецца ў Беларусі. Ведаў, што адбываецца, глядзеў навінавыя зводкі, — расказвае Генры. — Вядома, я спрабаваў ёй нешта раіць па кампаніі. Але ж я не быў на месцы падзей, не прысутнічаў там асабіста. Таму назваць мае парады слушнымі нельга.
Сустрэча праз 18 гадоў
У ліпені 2021 года, падчас свайго візіту ў Ірландыю ўжо ў якасці лідаркі дэмакратычных сіл Беларусі, Святлана Ціханоўская прыехала ў Раскрэй, каб наведаць сям’ю, якая прымала яе ў дзяцінстве. Гэтая сустрэча стала першай за 18 гадоў.
— Гэта было фантастычна. Мара, якая стала явай: зноў убачыць Святлану, тое, як яна вырасла, сустрэць двух яе цудоўных дзяцей. Бо раней мы бачыліся з ёй і дзецьмі толькі праз тэлефон, у WhatsApp. Было цудоўна ўбачыць іх асабіста. Я не магу дачакацца, калі яна вернецца зноў.
Праз гады сувязь паміж Генры Дзінам і Святланай Ціханоўскай не перапынілася. Яны дагэтуль падтрымліваюць кантакт:
— Мы стэлефаноўваемся і гаворым пра ўсё. Пра палітыкаў — ад Трампа да Пуціна, ад Зяленскага да Сі Цзіньпіна. Мы абмяркоўваем сусветныя справы. І проста балбочам.
Чытайце таксама






