Следчыя высвятляюць абставіны смерці 18-гадовага студэнта на школьным стадыёне ў Мінску. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ва УСК па Мінску.
Увечары 24 красавіка малады чалавек гуляў у футбол. Раптам ён адчуў рэзкае пагаршэнне самаадчування і ўпаў. Супрацоўнікі хуткай дапамогі праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы, аднак выратаваць хлопца не ўдалося.
Смерць маладога чалавека не мае крымінальнага характару, адзначылі ў ведамстве.
Абставіны здарэння высвятляюцца Заводскім (горада Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта. Прызначаная судова-медыцынская экспертыза для высвятлення дакладнай прычыны смерці.
Пра здарэнне ўвечары 24 красавіка паведаміў адзін з мінскіх паблікаў. Як сцвярджаецца, юнак памёр на стадыёне гімназіі № 14.
Як піша «Наша Ніва» са спасылкай на відавочцаў, медыкі казалі пра парушэнне сардэчнага рытму.
Хлопцу было 18 гадоў, ён вёў здаровы лад жыцця, займаўся спортам. Вучыўся на першым курсе БДЭУ, расказалі сябры загінулага студэнта.




