У Беларусі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі на нядзелю праз моцны вецер, а таксама штармавое папярэджанне пра замаразкі ў пачатку наступнага тыдня.
Паводле звестак сіноптыкаў, у нядзелю, 26 красавіка, на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца ўзмацненне паўночна-заходняга і заходняга ветру з парывамі да 15−20 м/с, а месцамі — да 24 м/с. Аналагічная сітуацыя захаваецца і 27 красавіка: прагназуецца моцны паўночна-заходні вецер з парывамі да 20 м/с, у асобных раёнах — да 24 м/с.
Белгідрамет абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі.
Акрамя таго, вынесенае штармавое папярэджанне пра замаразкі ў пачатку наступнага тыдня. Уначы 27−28 красавіка (панядзелак — аўторак) у многіх раёнах Беларусі тэмпература паветра можа апусціцца да 0…−3°C.
Рэкамендацыі МНС падчас моцнага ветру:
- прыбярыце гаспадарчыя рэчы з двара і балконаў у дом (падвал), абрэжце сухія дрэвы, якія могуць нанесці шкоду вашаму жыллю;
- машыну пастаўце ў гараж, пры адсутнасці гаража машыну варта паркаваць удалечыні ад дрэваў, а таксама слаба ўмацаваных канструкцый;
- знаходзячыся на дварэ, абыходзьце хісткія будынкі і дамы з няўстойлівым дахам;
- унікайце дрэваў і разнастайных збудаванняў павышанай рызыкі (мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадачы, патэнцыйна небяспечных прамысловых аб’ектаў).




